КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус. правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)